Даследаванне эпідэміі COVID-19 у Беларусі

Narodny Opros
3 min readNov 21, 2022

--

На працягу апошніх двух гадоў ініцыятыва “Народнае апытанне” сачыла за захворваннем на COVID-19 у Беларусі. Публікуем апошнія вынікі нашага даследавання. English version.

Падчас рэгулярных апытанняў, асноўнай тэмай якіх не быў каронавірус, былі сабраны адказы 7302 унікальных рэспандэнтаў. Да гэтых дадзеных пасля былі ўжыты мадэлі шматузроўневай рэгрэсіі з постсратыфікацыяй для абагульнення вынікаў як на ўсё дарослае насельніцтва краіны, так і для атрымання ацэнак для пэўных яго падгруп. Ніжэй публікуем выніковыя ацэнкі, атрыманыя на аснове дадзеных усіх апытанняў нашага даследавання.

Распачнем справаздачу з прыемнай навіны — з сакавіка 2022 назіралася рэзкае памяншэнне захворвальнасці, а чаканы восеньскі ўздым апынуўся значна меншым за пікі мінулых сезонаў і быў параўнальны з захворвальнасцю лета 2020 і 2021. Гэтак у верасні 2022 сярэднядзённая колькасць тых, хто афіцыйна атрымаў дыягназ, паводле нашых ацэнак, была найбольш імаверна 2009 чалавек (95% верагодны інтэрвал ад 1366 да 2832). Калі да іх дадаць тых, хто губляў адчуванне смаку ці паху, — 3642 чалавекі (95% верагодны інтэрвал ад 2579 да 4912). Аднак трэба адзначыць, што новыя штамы SARS-CoV-2 (амікроны) значна менш выклікаюць страту адчування смаку ці паху.

Таксама ўзровень магчымага імунітэту дасягнуў найбольш імаверна 70% (95% верагодны інтэрвал ад 62% да 76%) паводле нашых ацэнак, якія ўлічваюць цалкам ці часткова вакцынаваных, а таксама тых, хто перахварэў, ці мяркуе, што перахварэў і губляў адчуванне паху ці смаку.

Нашыя ацэнкі дазваляюць выказаць асцярожнае меркаванне пра пераход COVID-19 у статус сезоннага эндэмічнага захворвання.

Гэта значыць, можна чакаць, што розныя штамы будуць вызначаць сезонныя пікі, у тым ліку з іх магчымым пераходам у пэўныя перыяды ў статус эпідэміі, акурат як гэта адбываецца з грыпам. Таму мы спыняем маніторынг COVID-19. Тым не менш, пакідаем за сабой магчымасць вярнуцца да яго, калі эпідэмічная сітуацыя зробіцца складанай.

Графікі з найбольш істотнымі ацэнкамі даступныя па спасылцы

Паводле атрыманых ацэнак, доля тых, хто хварэў або лічыць, што хварэў (і губляў нюх ці смак), з 95% імавернасцю знаходзіцца ў прамежку ад 52% да 63% дарослых жыхароў Беларусі з модай у 58%. З афіцыйным дыягназам найбольш імаверна прынамсі адзін раз перахварэла 43% (95% верагодны інтэрвал ад 37% да 49%) дарослага насельніцтва. Паводле афіцыйных звестак, доля тых, хто перахварэў на COVID-19 у Беларусі, складае каля 10%. Паводле нашых ацэнак, гэта ніжэй за рэальную колькасць дыягназаў, пастаўленых у Беларусі, з імавернасцю прынамсі 99.9%. Таксама цікава, што тыя, хто хварэў пасля сакавіка 2022, хварэлі пераважна ўжо не ў першы раз. Наогул больш за адзін раз хварэла найбольш імаверна 27% (95% верагодны інтэрвал ад 21% да 33%) сярод дарослага насельніцтва з афіцыйным дыягназам. А мода прамежку часу паміж хваробамі для тых, хто хварэў два разы, склала найбольш імаверна 10.6 месяцаў (95% верагодны інтэрвал ад 9.3 да 11.8 месяцаў).

Што датычыцца вакцынацыі, то два яе пікі прыйшліся на ліпень і кастрычнік 2021, калі найбольш імаверна вакцынаваліся 15147 (95% верагодны інтэрвал ад 11909 да 19125) і 13480 (95% верагодны інтэрвал ад 10562 да 17080) чалавек штодня адпаведна.

Істотныя прыпіскі ў колькасці вакцынаваных мы выявілі ўжо ў лістападзе 2021, калі рэальныя тэмпы вакцынацыі распачалі падаць, а афіцыйныя працягвалі расці, скончыліся прыпіскі найбольш імаверна толькі ў ліпені 2022.

Агулам, паводле нашых ацэнак, афіцыйныя дадзеныя Міністэрства аховы здароўя адносна вакцынацыі статыстычна значна завышаныя.

На момант сканчэння нашага апошняга апытання 20.10.2022, поўны курс вакцынацыі прайшло найбольш верагодна 30% (95% верагодны інтэрвал ад 24% да 37%) дарослага насельніцтва. Прынамсі часткова было вакцыянавана 34% (95% верагодны інтэрвал ад 28% да 41%). Афіцыйна ж поўны курс вакцынацыі прайшло 70.2% усяго насельніцтва, а прынамсі частковы курс — 71.4%. Дадзеныя Міністэрства аховы здароўя ляжаць за межамі нават 99.9% верагодных інтэрвалаў для адпаведных параметраў і з’яўляюцца анамальна высокімі.

Вакцынацыя ад COVID-19 добра абараняла старэйшыя ўзроставыя групы ад трапляння ў шпіталь ці рэанімацыю пры захворванні і зніжала адпаведныя рызыкі. Напрыклад, для групы насельніцтва 60+ без прышчэпкі найбольш імаверныя значэнні рызыкі трапляння ў шпіталь і рэанімацыю былі 24.7% і 5.3% адпаведна, а для цалкам вакцынаваных яны зніжаліся найбольш імаверна да 3.6% і 1.7%! Таму мы па-ранейшаму раім рабіць прышчэпкі ўразлівым групам насельніцтва.

Графікі з найбольш істотнымі ацэнкамі даступныя па спасылцы.

--

--

Narodny Opros
Narodny Opros

Written by Narodny Opros

Народный Опрос — волонтерский проект для проведения независимых социсследований в Беларуси. https://narodny-opros.net/